КНIГАДРУКАВАННЕ НА БЕЛАРУСI

Эпоха Адраджэння і еўрапейскае кнігадрукавання

Эпоха Адраджэння прывяла да сапраўдных ператварэнняў у еўрапейскай культуры. Тэрмін Адраджэнне не новы для Еўропы. Уздым культуры ў дзяржаве Франкаў часоў Карла Вялікага таксама быў Адраджэннем - Каралінгскае Адраджэннем. Адметнасць жа эпохі Адраджэння XIV-XVI стагоддзяў у тым, што здабыткі гэтай эпохі былі зафіксаваны з дапамогай друкарскага станка.
З'яўленне кнігадрукавання ў сярэдзіне XV стагоддзя было выклікана развіццём навукі і тэхнікі, незадаволенасцю патрэбаў грамадства рукапіснымі кнігамі.
Пачынальнікам еўрапейскага кнігадрукавання з'яўляецца немец Іаган Гутэнберг (1400-68 г.г.), які вынайшаў рухомыя металічныя лiтары і друкарскі станок. У 1438 г. Гутэнберг заснаваў друкарню ў Страсбурге, а ў 1447 г. у Майнцы пачаў рэгулярны выпуск невялікіх павучальных, в таксама і папулярных твораў і г.д. У 1452-55 гг. Гутэнберг надрукаваў лацінскую Біблію ў двух тамах (па 42 радкі на старонцы). З 185 экзмпляраў Бібліі вядомы толькі 46. У 1455 годзе крэдытор адсудзіў за даўгі ў Гутэнберга яго друкарню.
Пасля гэтага друкарні адчыняюцца ў Італіі (1465 г.), Швейцарыі і Чэхіі (1468 г.), Францыі (1470 г.), Венгрыі (1473 г.), Польшчы (1474 г.). Першыя друкаваныя кнігі (інкунабулы, incunabula, лац. - калыска), выдадзеныя ў XV стагоддзі афармленнем яшчэ нагадвалі рукапісныя.
Канструкцыя "друкарскага праса", што экспануецца ў зале музея практычна (за выключэннем удасканалення асобных дэталей) з пачатку XVI і да канца XVIII стагоддзя не змянялася. Гэты друкарскі станок, рэканструянаваны па чарцяжах XVI стагоддзя, прадстаўляе сабой масіўнае драўлянае збудаванне з двумя вертыкальнымі бакавымі апорамі, замацаванымі папярочнымі перакладзінамі. Вінт прыводзілі ў рух доўгім рычагом - "вагай", пры дапамозе якога аркуш прыціскаўся да друкарскай формы, пакрытай фарбай. Друкаванне патрабавала значных намаганняў майстра, таму апоры нярэдка мацаваліся распорамі да столі і вінтамі да падлогі. На выраб таго станка ішло каля 30 пудоў дубовай драўніны, 7-9 пудоў медзі і жалеза.
Кірылічнае кнігадрукаванне бярэ свой пачатак ў 1491 годзе (Ш.Фіёль, Кракаў). Потым кнігі на кірыліцы з'явіліся ў Чарнагорыі (іераманарх Макарый, 1493-95 гг.), Румыніі (1508-12 гг.) і Венецыі (1510-21 гг.). Пачынальнікам беларускага і ўсходне-славянскага кнігадрукавання з'яўляецца Францыск Скарына.

Францыск Скарына

Беларускі першадрукар, вучоны, асветнік і культурны дзеяч, перакладчык і пісьменнік эпохі Адраджэння Францыск (Георгій) Скарына нарадзіўся каля 1490 года ў сям'i полацкага купца Лукi Скарыны.
Скарына авалодаў граматай і лацінскай мовай ў Полацку ці Вільні. У зімовы семестр 1504 г. паступіў на філасофскі факультэт Кракаўскага універсітэта, дзе ў 1506 г. атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі, а потым доктара вызваленых навук (artium). За 1507-1511 г.г. дакладных звестак пра сына Лукі Скарыны няма: хутчэй за ўсё, ён вывучаў медыцыну у Заходняй Еўропе. У 1512 г. пры Падуанскім універсітэце знакаміты палачанін абараніў дыплом доктара медыцыны.
Пасля вучобы Скарына вяртаецца на радзіму, дзе заручыўшыся падтрымкай і грашовай дапамогай Віленскага бурмістра Якуба Бабіча і мецэната Багдана Онькава, а таксама Івана Скарыны і Юрыя Адзверніка паехаў у Прагу, цэнтр тагачаснай культуры і акультызму. У Празе з 1517 па 1519 г.г. Скарына, выкарыстаўшы яўрэйскія, лацінскія, чэшскія, грэчаскія і царкоўна-славянскія тэксты, пераклаў, адрэдагаваў, пракаментаваў і падрыхтаваў да выдання 23 кнігі Старога Запавету.
[ Францыск Скарына ]6 жніўня 1517 года ў арандаванай пражскай друкарне на царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі (тагачаснай літаратурнай беларускай мове) пабачыла свет кніга "Песни царя Давыда еже словуть Псалтыр".
У зале экспануюцца муляжы наступных выданняў Скарыны, надрукаваных у Празе: "Книга Исуса Сирахова, рекомая Панаретос, Еклесиастыкус или Церъковник" (5 снежня 1517 г.) - некананічны твор, у якім, па меркаванню Скарыны, выкладзена "боская" (Саламонава) і "свецкая" (Арыстоцелеўская) мудрасці; "Книги Исуса Навина" (20 снежня 1518 г.) з дрэварытам (гравюрай) "Навин ведёт людей Израилевых через Иордан"; "Притчи Саломона царя Израилева, сына Давыдова (6 кастрычніка 1517 г.) са знакамітай гравюрай "Суд о двух детях" ; "Книга светого Иова (10 верасня 1517 г.), што захапляе Скарыну сваёй псіхалагічнай глыбінёй; "Еклесиастес, или Соборник премудраго царя Соламона") (2 студзеня 1518 г.), дзе Скарына ізноў звяртаецца да постаці цара Саламона (вялікую цікавасць прадстаўляе гравюра "Царица Саввская беседует с Соломоном); "Премудрости божией книга" (19 студзеня 1518 г.), "Книги четвертые Царств"(10 снежня 1518 г.), "Книги вторые Моисеовы, зовемые Исход"(1519 г.) з гравюрай "Дочь Фараона нашла Моисея"; "Книга о Руфе" распавядае пра маавіцянку Руф прабабку цара Давіда з гравюрай "Прабабка царя Давида подбирает колосья на поле", "Книги первыи Царъств" і "Третии книги Царствъ" з гравюрамі "Помазанье Саула" і "Соломон ставит Храм Богу в Иерусалиме"(10 жніўня 1518 г.), "Книга премудрого царя Соломона, рекомая Песнь Песням" (9 студзеня 1518 г.) - шэдэўр лірычнай паэзіі, "Книжка, рекомая Плачъ Еремиін" з гравюрай "Пророк Еремия плачет глядя на Иерусалим" - апавяданне пра падзенне Іерусаліма і разбурэнне Храма Навухаданосарам ў 586 годзе да н.э.; "Книги Іудиф вдовицы" (9 лютага 1519 г.), "Книги светого пророка Даниила" (1519 г.), а таксама "Книги пятыи Моисеовы, зовемые от евреи Гельгадворим, по-гречески Девтерномос, по латине Секунда лекс, а по рускии Вторый закон" с гравюрай "Моисей учит людей Израилевых..." (1519 г.).
Акрамя таго ў Празе Скарына надрукаваў кнігі Суддзяў, Эсфір і Пяцікніжжа, усе кнігі Царстваў. Акрамя таго не былі выдадзены ці да нашага часу не знойдзены кнігі "Ездры" і "Товіт" пра якія Скарына піша ў сваіх прадмовах. Тымім чынам Біблія Скарыны з'явілася раней, чым нямецкі пераклад Лютэра.
У сваіх пражскіх выданнях Скарына ўпершыню увёў прамежкі між словамі і водступы-абзацы. Адмовіўся ўраджэнец Полацка і ад скарачэння слоў. Уяго да пражскіх выданняў Скарыне было заказана 51 ілюстрацыя, пераважная большасць якіх змешчана на тытульных лістах кніг, каля 30 заставак і каля 1000 ініцыялаў.
Каля 1520 г. Скарына вяртаецца ў Вільню. У сталіцы Вялікага княтсва Літоўскага сын Лукі Скарыны абсталяваў друкарню ў камяніцы Якуба Бабіча, пракаментаваў, адаптаваў і выдаў на царкоўна-славянскай мове "Малую падарожную кніжыцу" (1522 г.), якая ўключала Псалтыр, Часасловец, Шасцідневец, восем акафістаў, дзесяць канонаў, Саборнік, "Святцы" і '"Пасхаліі", утрымлівала розныя астранамічныя і каляндарныя звесткі звесткі пра астраномію і каляндар" - і "Апостал" - новазапаветную набажэнцкую кнігу, у якой змешчаны пасланні апосталаў. Да кожнага апостальскага паслання Скарына даў уласную прадмову і пасляслоўе, апрацаваў мову свайго выдання, змяніўшы многія незразумелыя царкоўна-славянскія словы і выразы беларускімі.
У Вільні беларускі першадрукар служыў прыдворным лекарам і сакратаром у віленскага каталіцкага біскупа, магчыма прымаў удзел у стварэнні Статута 1529 года. З братам Іванам Скарына займаўся камерцыйнымі справамі. У 1530 г. па запрашэнні герцага Альбрэхта паехаў у Кёнінгсберг. У 1534 ці 1535 г.г. выехаў у Прагу, дзе працаваў каралеўскім батанікам (стаў адным з заснавальнікаў старэйшага батанічнага рэнесансавага саду ў цэнтральнай Еўропы - у Празе на Градчанах). Скарына памёр у Празе (у 1552 г. у Прагу прыязджаў яго сын Сімяон па бацькаву спадчыну).
Да біблейскіх кніг Скарына пісаў "предисловия", "сказания" і пасляслоўі - новыя жанры тагачаснай літаратуры. У іх ён разглядаў і ацэньваў пазнавальна-адукацыйныя і літаратурна-мастацкія вартасці твораў, інфармаваў чытача пра размяшчэнне матэрыялу, выказваў сваё філасофскія погляды. Да зместу кніг Бібліі Скарына падыходзіць рацыянальна, выказвае сваю прыхільнасць да ідэй гуманізму.
Біблія, па меркаванню беларускага першдрукара, ёсць ўсёй мудрасці "зачало и конец". У сваіх каментарыях славуты ўраджэнец Полацка падкрэслівае, што божыя таямніцы таксама могуць быць правераны чалавечым розумам, вопытам і сумленнем. Ён адзначае, што Біблія павінна будзіць думку мудраца і навучаць простага чалавека. Гэта быў сапраўдны выклік сярэдневяковай традыцыі. Артадоксы праваслаўя (князь А. Курбскі) абвяшчалі кнігі Скарыны ерэтычнымі найперш за рацыяналістычны асветніцкі дух каментарыяў, за пошукі ў Бібліі практычнай дапамогі для чалавека і грамадства.
Францыск Скарына з'яўляецца пачынальнікам беларсукай пісьмовай паэзіі, бо вершаваныя радкі сустракаюцца ў розных мясцінах яго прадмоў. У прадмовах і пасляслоўях Скарына выкарыстоўвае афарызмы, прыказкі і трапныя параўнанні. Ён таксама тлумачыць чытачу незразумелыя словы.
Выданні Скарыны вылучаюцца сваімі мастацкімі якасцямі. Беларускі першадрукар - прыхільнік рэнесансавай еднасці прыгожага і карыснага: застаўкі ён змяшчае дзеля аздобы і лепшага разумення чытача. Кнігі, надрукаваныя Скарынай, спалучаюць традыцыйныя рысы старажытнага беларускага рукапіснага кнігааздаблення з наватарствам еўрапейскай кніжнай гравюры (амаль ва ўсіх відах і жанрах). Творы Скарыны выходзілі невялікім зручным фарматам (у чацвертую ці восьмую частку аркуша). Выданні Скарыны аддрозніваюцца ад выданняў Фіёля высокай якасцю набору і выкарыстаннем разнастайных шрыфтоў, шырокім ужываннем заставак, вялікіх рамачных ініцыялаў і тэматычных ксілаграфій.

Летапіс Аўрамкі і Мсціжскае Евангелле

Летапіс Аўрамкі, прадстаўлены ў экспазіцыі - гэта летапісны звод, складзены ў другой палове XV стагоддзя ў Пскове або ў Ноўгарадзе. У летапісе Аўрамкі выкладзены падзеі да 1469 года. Гэты твор адлюстроўвае гісторыю Кіеўскай і Маскоўскай Русі, Ноўгарада, Вялікага княства Літоўскага. У летапісе мы знаходзім значную колькасць фактаў пра барацьбу ўсходніх славян супраць іншаземных захопнікаў. Да летапісу далучаны юрыдычныя артыкулы, у тым ліку і "Руская праўда", матэрыялы 1446-69 гадоў. У 1495 г. гэты летапісны свод быў перапісаны ў Смаленску Аўрамкам (адсюль і ідзе яго назва).
Летапіс Аўрамкі быў распаўсюджаны і на Беларусі. На аснове гэтага летапісу ўзніклі Віленскі і іншыя беларускія спісы. Звесткамі гэтага твора часткова карыстаўся складальнік Супрасльскага летапісу.
Рукапісным помнікам XIII-XIV стагоддзяў з'яўляецца Мсціжскае Евангелле, напісанае на царкоўна-славянскай мове. У яго ўваходзяць тэксты Евангелляў ад Марка, Лукі, Іаана, а таксамк паказальнік евангелльскіх чатанняў па святах - Саборнік.

Сымон Будны

Прадаўжальнікам культурна-асветніцкіх традыцый беларускага перашадрукара Францыска Скарыны стаў выдатны гуманіст і асветнік, тэолаг і рэлігійны рэфарматар, філолаг і паэт Сымон Будны (1530-1593 гг.), які ў чэрвені 1562 г. разам з братамі Л.і М. Кавячынскімі ды прапаведнікам Л. Крышкоўскім ў Нясвіжскай друкарні выдаў скарынаўскім шрыфтам твор "Катихизисис, то ест наука стародавняя христианская от светого писма, для простых людей языка русского, в пытаниях и отказах собрана". У аснову гэтага твора Будны паклаў канспекты тых урокаў, якія ён даваў ў віленскай кальвінісцкай школе, у якой працаваў з 1558 да 1560 года. Будны імкнуўся каб усе людзі, якія хочуць зразумець ісціну звярталіся да гэтай кнігі, а таксама з яе дапамогай вучылі сваіх дзяцей. У кастрычніку таго ж года ў нясвіжскай друкарні яны выдалі другую беларускую кнігу "Об оправдании грешнага человека перед богом".
Таксама ў Нясвіжы Будны і Крышкоўскі выдалі на польскай мове "Гутарку святога Юсціна, філосафа пакутніка з Трыфанам-Іўдзеем" (1564). Займаўся Сымон Будны і перакладам Бібліі на польскую мову. (гэтая праца была завершана ў 1570 г.). Спачатку Біблія друкавалася ў Нясвіжы, затым ва Уздзе і нарэшце ў 1572 г. у Заслаўі. Праз два гады ў Лоску (Валожыншчына) выходзіць перакладзены С.Будным на польскую мову "Новы Запавет" з прадмовай, заўвагамі і каментарыямі, а ў 1577 г. ён выдаў на гэтай жа мове перакладзены беларускім гуманістам К. Базылікам трактат польскага мысліцеля Анджэя Фрыча Маджэўскага "Аб удасканальванні Рэчі Паспалітай" (выйшаў у 1551 г. у Базелі (Швейцарыя) на лацінскай мове).
У Лоску Будны таксама выдаў на латыні ў 1574-1576 гг. творы: "Аб дзвюх прыродах Хрыста", "З нагоды аргументаў Сімлера" , "Кароткі доказ, што Хрыстос не з'яўляецца такім жа богам, як бацька", "Аб найбольш галоўных палажэннях хрысціянскай веры". Апошні твор С.Буднага ў Лоску - "Аб свецкай уладзе" (1583) таксама напісаны па польскай мове.
Сымон Будны не верыў ў боскае паходжання Ісуса Хрыста, абвяргаў Троіцу і бясмерце душы, існаванне рая і аду. Будны пражыў пакутлівае жыццё, пабачыў, як "чортава семя" (так называў Будны іезуітаў) паляць на вогнішчы яго творы (1581 г.). Ёсць звесткі, што ў самым канцы жыцця Будны ўвогуле стаў атэістам.
Разам з распаўсюджваннем ідэй Адраджэння і Рэфармаціы ў розных месцах Беларусі хутка ўзнікаюць друкарані: Брэсцкая (1553-54 гг. ; 1558-61 гг.; 1562-68 гг.) і Нясвіжская (1562-71 гг.), хутка далучаюцца друкарні ў Цяпіне (каля Лепеля, 1565 г.), Заблудаве(Гродзеншчына, 1568-70 гг.), дзе ў 1569 годзе І.Федаровіч і П.Мсціславец надрукавалі "Евангелле вучыцельскае", Лоску (1574-89 гг.), Вільні (1574 г.), Слуцку(1580 г.), Любчы (1612-каля 1656 гг.). У XVII стагоддзі друкарні адчыняюцца ў Ашмяне Мураванай, Магілёве, Менску, Куцейне, Буйнічах, Бялынічах, Гродне, Супрасле, Пінску і іншых.

Мялецій Сматрыцкі

Царкоўны і грамадска-палітычны дзеяч, пісьменнік-палеміст Мялецій Сматрыцкі (свецкае імя Максім Герасімавіч), творы якога мы бачым у гэтай зале, нарадзіўся ў 1572 годзе ў горадзе Смотрыч (Украіна). Адукацыю ён атрымаў у Астрозе і ў Віленскай іезуіцкай акадэміі, пасля заканчэння якой працаваў настаўнікам у горадзе Вевіс (Літва). З 1600 года Сматрыцкі жыве у князя Б.Саламярэцкага (с. Баркулабава на Магілёўшчыне). З сынам князя ўраджэнец Смотрыча быў у Славакіі, Сілезіі і Германіі, дзе вучыўся ў Нюрнбергскім, Лейпцыгскім і Вітэнбергскім універсітэтах.
Пасля атрымання ступені доктара медыцыны, Сматрыцкі вяртаецца на Радзіму, дзе жыве каля Менска ў маёнтках Саламярэцкага (Саламярэч, Бараўляны, Лагойск),і потым у Вільні, дзе ўступае ў праваслаўнае брацтва пры Троіцкім манастыры. Першапачаткова Сматрыцкі вядомы, як гарачы праціўнік Берасцескай уніі 1596 года. Пачатак дзейнасці пісьменнік-палеміста Сматрыцкага датуецца 1596 годам (артыкул супраць твора І. Пацея "Унія"). Палемічныя творы Сматрыцкі піша на польскай мове. У адказ на ўніяцкую брашуру "Ерасі..." ураджэнец Смотрыча адклікнуўся творам "Антыграфі...".
[ Мялецiй Сматрыцкi ] Кніга "Трэнас"(1610 г.) з'яўляецца самым знакамітым творам Сматрыцкага. Кніга напісана па свежых слядах царкоўнага пагрому 1609 года, учыненага уніяцкім мітрапалім І. Пацеем над праваслаўнымі Вільні. Напісаны ў форме плачу маці царквы - сімвала прыгнечанай радзімы, антыкаталіцкі па зместу "Трэнас", у якім Сматрыцкі цытуе творы Пятраркі (пераклаў яго санэт "Папскаму двару ў Рыме"), Ераніма Пражскага, Я. Флорскага, Я. Жарсона, С. Мюнстара, выклікаў вялікі рэзананс. П. Скарга і Я. Марахоўскі адклікнуліся на "Трэнас" палемічныі адказамі, а "іезуіцкі кароль" Жыгімонт III Ваза загадаў знішчыць труд Сматрыцкага і прыцягнуць аўтара і ўсіх, хто спрычыніўся да выдання, да адказнасці. Сматрыцкі здолеў пазбегнуць расправы, схаваўшыся пад псеўданімам Феафіл Арфалог.
Да 1616 г. Сматрыцкі працаваў у школе віленскага Старадухаўскага брацтва, быў рэктарам Кіеўскай брацкай школы. У 1617 г. аўтар "Трэнаса" вярнуўся ў Вільню, дзе пастрыгся ў манахі пад іменем Мялеція. Вынікам педагагічнай дзейнасці Сматрыцкага стала "Грамматики словенския правильная синтагма" (1618 г.), якую М.В. Ламаносаў разам з арыфметыкай Л.Ф. Магніцкага называў "вратами своей учёности".
У 1620 годзе Сматрыцкі стаў полацкім архіепіскапам. Яго пяру належаць наступныя палемічныя творы: "Верыфікацыя нявіннасці"(1621 г.), "Абарона Верыфікацыі" (1621 г.), "Эленхус" і "Апендыкс" (1622 г.), "Суплікацыя" і "Юстыфікацыя" (1623 г.). У 1624 годзе , баючыся расправы за смерць полацкага ўніяцкага архіепіскапа І. Кунцэвіча, Сматрыцкі пакінуў Вільню і падарожнічаў па святых мясцінах.
Хутка погляды Сматрыцкага змяніліся на сто восемдесят градусаў: у кнізе "Апалогія" Сматрыцкі выступае, як абаронца уніяцтва. У творах "Пратэстацыя" (1628 г.), "Паранэзіс" і "Экзітэзіс" (1629 г.) аўтар "Трэнаса" асудзіў праваслаўе і сваю ранейшую літаратурную дзейнасць на абарону праваслаўя. На царкоўна-славянскай мове ён напісаў "Прадмову" да "Евангеллия Учительного" (Еўе, 1616 г.) і "Казанне на честный погреб...Леонтия Карповича" (Вільня, 1620 г.). Памёр Мялецій Сматрыцкі ў 1630 годзе.

Іван Фёдараў

Год нараджэння заснавальніка кнігадрукавання ў Расіі і на Украіне, дыякана адной з цэркваў Маскоўскага Крамля Івана Фёдарава невядомы. У Маскве разам з П.Мсціслаўцам Фёдараў заснаваў друкарню і выпусціў першую друкаваную кнігу "Апостал" (1564 г.) і два выданні "Часоўніка" (1565 г.). З-за пераследу Мсціславец і Фёдараў вымушаны былі пераехаць з Масквы ў маёнтак гетмана Р.Хадкевіча ў Заблудаве. У адкрытай тут друкарні Фёдараў выдаў "Евангелле вучыцельнае" (1569 г.) і "Псалтыр з Часаслоўцам" (1570 г.).
У 1572 годзе Фёдараў пераязджае ў Львоў, дзе праз два гады разам з Івановічам Грынем надрукаваў "Апостал" і падручнік для пачатковай школы "Буквар". У сярэдзіне 80-х гадоў ён пераязджае ў Астрог, дзе з дапамогай князя К.К. Астрожскага выдае "Псалтыр і Новы запавет" (1580 г.), "Храналогію" Андрэя Рымшы (1581 г.) і "Астрожскую біблію" (1581 г.), якая з'явілася адным з найлепшых выданняў свайго часу. Кнігі Фёдарава адрозніваюцца выдатным афармленнем і паліграфічным выкананнем.

Куцеінская друкарня

Асноўным цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання ў XVII стагоддзі з'яўлялась Куцеінская друкарня, заснаваная ў 1630 годзе пад Оршай сынам бурмістра Магілёва Спірідонам Собалем, які навучыў друкарскай справе манахаў Куцеінскага богаяўленскага манастыра. Сам Спірыдон Собаль выдаў у 1628-30 гадах у Кіеве некалькі маральна-павучальных і царкоўных твораў. Калі Собаль выехаў у Буйнічы (1632 г.) на чале друкарні стаў ігумен Іоіль Труцэвіч.
У Куцеінскай друкарні, што карысталася падтрымкай аршанскіх і магілёўскіх мяшчан, было надрукавана каля дваццаці выданняў навукова-асветніцкай, царкоўна-палемічнай і свецкай літаратуры, у ліку якіх: кірылічныя "Брашна духоўнае", "Малітвы паўсядзенныя", "Буквар" ("Буквар сірэч начала учэнія дзецем начынаюшчым чценію ізвыкаці",1631 г., "Часаслоў" (1632 г.), помнік перакладной літаратуры "Сказанне пра Варлаама і Іасафа" (1637 г.), "Дідаскаліа..." С. Косава (1637 г.).
Выданні гэтай друкарні вылучаюцца сваім графічным афармленнем, выкарыстаннем свайго адмысловага Куцеінскага стыля: фігурнымі гравюрамі, ілюстрацыямі, застаўкамі і канцоўкамі, блізкімі да традыцый беларускага народнага мастацтва. Мясцовая флора і фаўна, гербы, адлюстраваныя на гравюрах, робяць выданні гэтай друкарні шэдэўрам беларускага мастацтва.
Менавіта ў Куцейнскай друкарні былі надрукаваны "Актоіх" Іаана Дамаскіна (1646 г.), Новы запавет с псалтырам (1652 г.) і "Лексікон..." П. Бярынды (1653 г.).
Год нараджэння аўтара дзвюхтомнага твора "Лексікон славенарускі і імён тлумачэння" Памвы Бярынды невядомы. Гэты твор, над якім аўтар працаваў амаль трыццаць гадоў выйшаў у 1627 годзе (факсімільнае выданне было зроблена АН Украіны ў 1961 годзе), а ў 1653 г. у Куцейне пад рэдакцыяй I.Труцэвіча. Асновай "Лексікона" паслужыў першы друкаваны беларускі слоўнік - "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія (1596 г. ). Бярында вядомы як лексікограф, друкар, гравёр і пісьменнік. Звестак пра яго паходжанне, адукацыю і месца вучобы не захавалася. Яго прадмовы і пасляслоўі да беларускіх выданняў даюць нам звесткі пра то, што аўтар "Лексікона" ведаў яўрэйскую, грэчаскую, лацінскую царкоўна-славянскую, беларускую, украінскую і іншыя мовы. Некаторы час Бярында займаўся выдавецкай справай у Львове, потым быў архітыпографам славянскай друкарні пры Кіева-Пячэрскай лаўры. Пісаў Бярында і сілабічныя вершы. Сярод яго твораў неабходна вылучыць наступныя: "Да нараджэння Хрыстова"(1616 г.), у Кіеве былі выдадзены "Анфалагіён" (1619 г.), "Гутаркі Іаана Златавуста на 14 пасланняў апостала Паўла" (1623 г.).
Друкарня у Куцейне праіснавала да 1654 года. Толькі за перыяд з 1636 да 1654 года ў Куцеінскай друкарні было надрукавана 14 выданняў асветніцка-навучальнай і літургічнай літаратуры. У 1655 годзе яе абсталяванне было перавезена ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам, адтуль у 1665 г. - у Васкрасенскі манастыр пад Масквой, а ў 1676 г. - на Друкарскі двор (Масква).
С. Собаль заснаваў таксама друкарню ў 1632 годзе ў Буйнічах, пад Магілёвам, дзе выдаў у 1635 г. "Псалтыр". У 1636 г. у магілёўскай брацкай друкарні Собаль выдаў "Буквар языка славенска". Буквар меў наступную структуру: алфавітныя рады (прамы і адваротны парадак), склады, тлумачальная азбука, элементы граматыкі і дыдактыўны матэрыял.
У Магілёве Собаль надрукаваў таксама "Псалтыр" (1637 г.), "Сказание деяний апостальских" (1638 г.) і "Тэстамент" (1638 г.). Спірыдон Собаль меў цесныя сувязі з рускімі, украінскімі і польскімі друкарамі.

Сімяон Полацкі

Самуіл Емельянавіч (Гаўрылавіч) Пятроўскі-Сітняковіч (Сімяон Полацкі) (1629-25.08.1680 гг.), аўтар "Псалтыра ў вершах", нарадзіўся ў знакамітым Полацку. Грамадскі, царкоўны і палітычны дзеяч, педагог, пісьменнік і публіцыст ён у 1640-50 гг. вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі, а потым у Віленскай іезуіцкай акадэміі. З 1656 года ён ізноў на радзіме Скарыны, дзе становіцца манахам (пад іменем Сімяон) і выкладае ў праваслаўнай брацкай школе пры Богаяўленскім манастыры. З 1664 года Полацкі ўжо ў Маскве, дзе выхоўвае царскіх дзяцей, змагаецца з расколам і лагерам грэкафілаў, выступае за пашырэнне асветы. У Маскве ураджэнец Полацка стаў заснавальнікам друкарні (Верхняй), дзе і выходзяць яго "Буквар" і "Часасловец".
Сімяон Полацкі выступае за "абміршчэнне" адукацыі і асветы. У сваіх творах "Жазло праўлення", "Венец веры" і іншых палемізуе з ідэолагамі стараверства, абараняе новаўвядзенні Нікана. У 1690 годзе Сабор прызнаў творы Сімяона Полацкага ерэтычнымі і забараніў іх.
Пісаў С. Полацкі на беларускай, польскай і царкоўнаславянскай мовах. Паэзія ўраджэнца Полацка сілабічная. У Вершы беларускага перыяда панегірычныя і алегарычныя. У алегарычных вершах мы бачым адлюстраванне гуманістычных перакананняў ураджэнца Полацка. У маскоўскі перыяд ён пісаў алегарычныя вершы (зборнікі "Вертаград мнагацветны", 1678 г., "Рыфмалагіён",1679 г.). У Маскве С. Полацкі таксама напісаў п'есы "Пра Навухаданосара цара...", "Камедыя прытчы пра блуднага сына", зборнік пропаведзяў "Абед душэўны" (1681 г.) і "Вячэра душэўная" (1683 г.).
Вялікую цікавасць выклікае наступны твор Сімяона Полацкага: вершаваны Псалтыр ("Гусль дабрагласная"), на які рускі камапазітар Цітоў напісаў музыку (1680 г.).

Магілёўская друкарня

Творы Галятоўскага "Неба новае" і "Дзіоптра альбо зерцала" былі надрукаваны ў магілёўскай друкарне Вашчанак - беларускіх друкароў і гравёраў канца XVII - першай трэці XVIII стагоддзя.
Максім Ярмалініч Вашчанка (2-я палова XVII стагоддзя -1708 г.), быў гравёрам па медзі. Яго друкарская дзейнасць звязана з Слуцкам, а потым з Магілёўскім богаяўленскім брацтвам, дзе ён працаваў у друкарні (кіраваў ёю з 1690 да 1708 гг.). Сярод яго твораў неабходна вылучыць наступные: 16 гравюр для кнігі "Манархія турэцкая, апісаная Рыко" (Слуцк, 1678 г.); 23 гравюры (1680 г.) для кнігі "Акафісты і Каноны" (Магілёў, 1693 г.) і іншыя. Вядомы Максім Вашчанка і як аўтар прадмоў да шэрагу кніг, у якіх ён раскрывае свае погляды асветніка і гуманіста.
Сын Максіма Вашчанкі Васіль (г.н. і см. невяд.) праславіўся як гравёр па дрэве. У 1694-1730 гг. ён працаваў у друкарні Магілёўскага богаяўленскага брацтва. Вядомы яго 7 падпісаных і 15 непадпісаных гравюр, што вызначаюцца абагульненай і пластычнай трактоўкай формаў. Сярод яго работ: антымінсы (арыгінальныя ўзоры станковай гравюры на дрэве, надрукаваныя на палатне), "Палажэнне ў труну Хрыста"; загалоўныя лісты ў кнігах "Дзіоптра" (1698 г.), "Неба новае" Галятоўскага, "Перла мнагацэннае" (абодва 1699 г.), "Кніга жыцій святых" (1702 г., загаловачны ліст з відам Масквы) і іншыя.
Неабходна сказаць некалькі слоў і пра адмысловы стыль магілёўскіх друкароў і гравёраў - так званае "магілёўскае барока". Гэты стыль адрозніваецца спалучэннем мясцовых элементаў з рысамі Візантыйскага мастацтва і заходне-еўрапейскага барока. Гравюры М.Вашчанкі да кніг "Дзіоптра, альбо зерцала" і "Неба новае" вылучаюцца кампазіцыйнай разнастайнасцю, пластычнасцю фігур, дакладнасцю тонкай і дробнай штрыхоўкі.

Лаўрэнцій Зізаній

Неабходна адзначыць і "Катэхізіс" педагога, царкоўнага дзеяча Лаўрэнція Зізанія (Тустаноўскага) (год нараджэння невядомы - памёр каля 1634 г.), які паходзіў з дробнамаянтковай шляхты Трокскага ваяводства. Зізаній працаваў выкладчыкам брацкіх школ у Львове (да 1592 г.), Брэсце (1592-1595 гг.), Вільні (1595-1597 гг.), хатнім настаўнікам сына крычаўскага старасты Б.Саламярэцкага (1597-1600 г.г.) і дзяцей князя А.К. Астрожскага (1600-1602 г.г.), пасля ў князя Я.Карэцкага (Карац на Валыні, да 1618 г.).
У 1619 г. пераехаў у Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе быў настаўнікам, перакладаў з грэчаскай мовы, рэдагаваў кнігі. У 1626 г. прывёз у Маскву напісаны па заданні патрыярха Філарэта "Катэхізіс" (гэты твор быў выдадзены у перапрацаваным выглядзе ў 1627 г.; перавыдадзены ў Гродне 1783, 1787, 1788 г.г.). У "Катэхізісе" Зізаній на беларускай мове выклаў звесткі з прыроды і даў блізкае да пратэстантызму тлумачэнне царкоўных дагматаў (потым яго погляды былі абвешчаны ерэтычнымі).
У 1596 г. у Вільні Зізаній надрукаваў першы на Беларусі і Украіне буквар "Наука ку читаню и розуменю писма словенскаго" з малюнкамі ў тэксце (выкарыстаў клішэ з выданняў Ф.Скарыны) і "Лексісам" - беларускім слоўнікам (1061 слова), які дзякуючы звесткам па гісторыі, геаграфіі, прыродазнаўстве аблягчаў разуменне царкоўнаславянскай мовы, "Грамматіка словенска свершеннаго іскуства осми частий слова..." (Вільня, 1596 г.) была напісана аўтарам "Лексіса" у форме пытанняў і адказаў на царкоўнаславянскай і беларускай мовах.
Буквар і граматыка Зізанія мелі значны ўплыў на развіццё мовазнаўчай навукі славян. "Граматыку" Зізанія ведалі ў Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, Сербіі.

Супрасльская друкарня

Супрасльская друкарня была ўтворана на аснове Свята-Троіцкай віленскай базыліанскай друкарні. Друкарня месцілася ў самім Супрасльскім манастыры. За часы свайго існавання гэтая друкарня выдала больш чым 420 кніг, з якіх больш 100 - кірылічныя. Менавіта ў гэтай друкарні ў 1714 годзе быў выдадзены на польскай мове твор А. Даўгялы "Неба справядлівым, пекла грэшнікам" (Супрасль, 1714 г.).
На верхніх паліцах змешчаны шматлікія слоўнікі, энцыклапедыі і даведнікі, узятыя з бібліятэк магнатаў, маёнткі якіх з'яўляліся сапраўднымі асяродкамі культуры.
Развіццё і разнастайнасць выданняў беларускіх друкарань ёсць сведчанне уздыма культуры на беларускіх землях.