Прыйдзе час і зборнік "100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі", які
ўпершыню з'явіўся ў пачатку 90 - х гадоў, зойме пачэснае месца ў беларускай
гістарыяграфіі. Тады, амаль дзесяць гадоў таму, перад складальнікамі была
вострая неабходнасць асвятліць асноўныя падзеі беларускай мінуўшчы, данесці
іх да шырокага кола чытачоў. Мы прапануем Вам адказ на пытанне №30
"Калі на Беларусі пасяліліся габраі?".
Габраі ўпершыню з'явіліся ў нашым краі яшчэ за часам князя Ўсяслава. Пазней, у ХІV стагоддзі, калі ў Заходняй Эўропе (Нямеччыне, Гішпаніі ды інш.) пачаўся масавы пераслед габраяў, яны знаходзілі прытулак у Вялікім Княстве Літоўскім - краіне, дзе даволі талерантна ставіліся да людзей рознай веры. Іх першыя супольні ўзніклі тут пры канцы ХІV стагоддзя ў Берасці і Горадні. З другой паловы ХVІ стагоддзя, пасля інтэнсіўнай міграцыі з Нямеччыны і Польшчы, габраі пачалі займаць прыкметнае месца ў этнічнай структуры насельніцтва Беларусі.
Пасля анексіі Расеяй нашы землі ўвайшлі ў гэтак званую мяжу аселасці, па-за якой царскі ўрад у 1794 годзе забараніў габраям сяліцца. Напярэдадні Першай сусветнай вайны яны складалі блізу 14% усяго насельніцтва Беларусі. Бальшыня іх жыла ў гарадах і мястэчках (нярэдка іх было тут да 50-60%).
Беларускія габраі займаліся рамёствамі, гандлем, дробным прадпрымальніцтвам, ліхвярствам. Яны жылі замкнёнымі тэрытарыяльнымі супольнямі - кагаламі. Пасля скасавання ў сярэдзіне мінулага стагоддзя кагальнай сістэмы шмат хто з іх пачаў адмаўляцца ад традыцыяў свайго этнасу, засвойваць дасягненні эўрапейскай культуры. У гэтым часе ўзнікла новая габрайская літаратура на мове ідыш (што зазнала, дарэчы, прыкметны ўплыў беларускай мовы).
У 20-х гадах ХХ стагоддзя гэтая мова была адной з чатырох дзяржаўных моваў БССР. На ідыш выходзілі часопісы і газеты, былі габрайскія аддзелы ў Інстытуце беларускай культуры і Беларускай Акадэміі навук, у музеях, працавалі тэатры, навучальныя ўстановы.
Пад час Другой сусветнай вайны ў выніку фашысцкага генацыду загінула 810 тысяч беларускіх габраяў. Калі ў 1926 годзе яны складалі 8,2% насельніцтва БССР, дык у 1959 годзе - толькі 1,8%, а ў 1989 - 112 тысяч, або трохі болей за 1%. Паводле дадзеных перапісу 1999 годзе ў Беларусі налічваецца каля 28 тысяч габраяў (каля 0,3 % насельніцтва). Апошнім часам павялічылася колькасць габраяў, што эмігруюць з Беларусі ў Ізраіль, ЗША, Нямеччыну ды іншыя краіны.
Беларускія габраі далі свету выдатных вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, дзяржаўных дзеячоў. Сярод іх - філосаф Саламон Майман (Хейман), гравёр Гершка Ляйбовіч, класік габрайскай літаратуры Мендэле Мойхер-Сфорым, стваральнік мовы эсперанта Людвік Заменгаф, мастак Марк Шагал, класік беларускай літаратуры Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік), фізік-тэарэтык Якаў Зяльдовіч, скульптар Заір Азгур, пісьменнік-фантаст Айзек Азімаў, першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, фізікахімік Віталь Гальданскі, заснавальнік электронных СМІ Давід Сарноў, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Арон Клуг.
Крыніца: 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Менск, 1999.