Шклоўскi цэнтр яўрэйскiх асветнiкаў

Пачатак эпохi Асветнiцтва ў Рэчы Паспалiтай звязваюць з панаваннем караля i вялiкага князя Станiслава-Аўгуста Панятоўскага (1764-95 гады). Павевы новай эпохi закранулi таксама i яўрэйскае насельнiцтва. У краiну рознымi шляхамi пранiкаюць iдэi "яўрэйскага асветнiцтва" ("Хаскалы"), звязаныя з асобай выдатнага фiлосафа Маiсея Мендэльсона.
"Хаскала" заклiкала да зблiжэння яўрэяў i хрысцiян. Яўрэi павiнны былi пазнаёмiцца з культурай карэннага насельнiцтва, засвоiць яго мову i адмовiцца ад iдыша, а перш за ўсё ад адасаблення (абшчынных iнстытутаў i г.д). У далучэннi да культуры карэннага насельнiцтва прыхiльнiкi "Хаскалы" бачылi панацэю ад пагарды i няшчасцяў, якiя акружалi яўрэйскi народ. Мендэльсон прыклаў шмат намаганняў для знiшчэння сцяны, якая была памiж яўрэямi i хрысцiянамi на працягу стагоддзяў, але ён, а ў большай ступени яго вучнi, узвялi новы бар'ер. Яны жадалi стаць роўнымi у хрысцiянскiм грамадстве, успрыняць яго звычаi i традыцыi, але у той жа час адгарадзiлiся ад традыцыйнага яўрэйства, цэнтрам якога заставалася Рэч Паспалiтая. На гэтых землях "берлiнэраў" (так iх называлi ў гонар галоўнага цэнтра "Хаскалы") чакала трывалая слава ератыкоў.
У другой палове XVIII стагоддзя Рэч Паспалiтая з'яўлецца не толькi апорай традыцыi, але i сапраўднай кузняй яўрэйскiх кадраў для краiн Заходняй Еўропы. Нi дзейнасць iлжэмесii Я. Фpанка i яго прыхiльнiкаў (фpанкiстаў), нi крызiс рабiнiзму i яго бескампрамiсная барацьба з хасiдызмам - "адной з самых буйных i арыгiнальных з'яў не толькi у гiсторыi iудаiзму, але i ў гiсторыi рэлiгiйнай эвалюцыi ўвогуле"1, прынцыпова становiшча не змянiлi. Тут пануе традыцыя, якую ўвасабляе асоба славутага рабiна Залмана Элiяху бен Шлома (Вiленскага Гаона). I "яўрэйскае асветнiцтва" у Рэчы Паспалiтай другой паловы XVIII стагоддзя мае выразна рэлiгiйны характар i звязана не з асобай Мендэльсона, а з аўтарытэтам Гаона, якi лiчыў, што "кожны недахоп у галiне свецкiх ведаў цягне за сабой у сто разоў большы недахоп у веданнi Торы, бо Тора i навукi непарыўна звязаны памiж сабою"2.
Асаблiвым уплывам сярод мясцовых яўрэйскiх асветнiкаў, цэнтрам якiх стаў Шклоў (у 1772 годзе ўвайшоў у склад Расiйскай iмперыi), карысталася творчасць сярэдневяковых арабска-яўрэйскiх фiлосафаў, а асаблiва Маiсея Майманiда. Да твораў Майманiда звяртаюцца i вучнi Гаона (першыя шклоўскiя асветнiкi), i прыхiльнiкi "Хаскалы" (напэўна, самай прыкметнай асобай сярод iх з'яўляецца ўраджэнец мястэчка Мiр Саламон Майман, як правёў жыццё ў блуканнях па Еўропе).
Арганiзацыя шклоўскага цэнтра непасрэдна звязана з дзейнасцю вучонага-талмудыста i мецэната Iошуа Цэйтлiна (1742, Шклоў - 1822). Вучань знакамiтага рабiна Аp'е-Леба бен Ашэpа, сябар Гаона (дапамагаў апошняму ў барацьбе з хасiдызмам) i змагар за правы яўрэйскага насельнiцтва, ён (падрадчык i пастаўшчык фуражу i правiянту) карыстаўся пратэкцыяй фаварыта рускай iмператрыцы Кацярыны II князя Рыгора Пацёмкiна.
У Шклове "Herr Hofrath Zeitlin" (як яго называюць у яўрэйскiх крынiцах) адчыняе друкарню, а ў суседнiм маёнтку Вусце будуе палац, уласны малiтоўны дом, збiрае вялiкую бiблiятэку па розным галiнам ведаў, запрашае вучоных, для якiх стварае ўсе неабходныя ўмовы для вывучэння Торы i Талмуда, а таксама заняткаў навукамi.
У Вусцi пасялiлiся знакамiты асветнiк Мендэль Левiн (Сатановер), пiсьменнiк i рабiн Менахум Нахум, талмудыст, медык i батанiк Венiамiн Залман Рывелес, выдатны знавец бiблейскай мовы i яе граматыкi Нафталi Герц Шулман (ураджэнец Старога Быхава) i iншыя. "Вольная акадэмiя" Цэйтлiна набывае вядомасць на тэрыторыi ўсёй Усходняй Еўропы.
У маёнтку Цэйтлiна прыводзiць у парадак свае рукапiсы, праводзiць вопыты ў спецыяльна адчыненай хiмiчнай лабараторыi класiчны прадстаўнiк усходне-еўрапейскага яўрэйскага асветнiцтва Барух бен Якаў Шык (Шкловер).
Барух Шык нарадзiўся прыкладна ў 1740 годзе ў сям'i шклоўскага рабiна. Вучобу ён пачаў пад кiраўнiцтвам бацькi - рабiна Якава. У 1764 годзе Шык атрымлiвае рабiнскi дыплом, займае пасаду даяна (члена абшчыннага суда) у Менску. Але Барух Шык жадаў вучыцца далей (яшчэ з дзяцiнства ён марыў аб перакладзе на яўрэйскую мову кнiг па розным галiнам ведаў) i таму накiраваўся за мяжу.
Некалькi гадоў Шык вандруе па краiнам Еўропы, вывучае медыцыну ў Англii i атрымлiвае дыплом доктара. Потым ён iзноў працягвае свае вандроўкi, некаторы час жыве ў Празе, дзе выкладае матэматыку, наведвае Берлiн. У сталiцы Прусii ён знаёмiцца з паэтам Г. Вэсэлi i iншымi прыхiльнiкамi "Хаскалы". Але атрыманыя веды i знаёмствы не здолелi парушыць рэлiгiйны светапогляд Шыка, якi застаўся артадаксальным яўрэям i прынцыповым працiўнiкам асiмiляцыi. Ён падкрэслiвае неабходнасць знаёмства яўрэяў са свецкiмi ведамi (у гэтым пытаннi ён згодны з Мендэльсонам), але не дапускае iх несумяшчальнасцi з дагматамi iудаiзму.
Пачаткам асветнiцкай дзейнасцi Баруха Шыка лiчыцца 1777 год, калi iм была апублiкавана праца выдатнага яўрэйскага вучонага XIV стагоддзя Iсаака Iзраэлi "Падручнiк па астраномii i геаметрыi". У тым жа годзе "Baruch der Doctor" (як называлi яго яўрэi) выдае ўласныя працы "Amude Schomajim" ("Астраномiя") i "Tifereth Adam" ("Анатомiя чалавека"), а ў 1779 - "Derech jescharach" ("Дапаможнiк па гiгiене i папулярнай медыцыне"). У 1784 годзе выходзiць перакладзены Шыкам з англiскай мовы твор "Kina ha-Midah" ("Дапаможнiк па трыганаметрыi").
Дзейнасць Б. Шыка была станоўча ўспрынята Вiленскiм Гаонам. Працу Шыка таксама вiталi слонiмскi рабiн Самсон, шклоўскiя рабiны Цэвi Гiрш i Ханох Генах, менскi рабiн Iзраiль i iншыя3.
Пра апошнiя гады жыцця Шыка амаль няма дадзеных. Выдатны яўрэйскi гiсторык С. Цынберг адзначае, што, магчыма, ён жыў у Слуцку, дзе адначасова выконваў абавязкi доктара князя Радзiвiла, а таксама мясцовага даяна4.
Адзiнства шклоўскага цэнтра было парушана ў канцы XVIII - пачатку XIX стагоддзя пад уплывам "Хаскалы", прыхiльнiкамi якой сталi больш свецкiя асветнiкi. Рэлiгiйныя жа рашуча выступiлi супраць "берлiнскага асветнiцтва" i яго рацыяналiзму. Кожны выбраў свой уласны шлях.

Лiтаратура

1 Дубнов С.М. Социальная и духовная жизнь евреев в Польше в первой половине XVIII века // Восход. Спб., 1899. кн. 1-2. С.62.
2 Цинберг С. Шклов и его "просветители" // Еврейская старина. Л., 1928. Т.12. С.22.
3 Там жа. С.23.
4 Там жа. С.24.