...Ізі Харык пакінуў нас у росквіце сіл, і хочацца ўспомніць добрым словам гэтага слаўнага чалавека і цудоўнага паэта.
Мне давялося ведаць Харыка асабіста: я пазнаёміўся з ім у Маскве, дзе мы разам вучыліся ў Літаратурна-мастацкім інстытуце імя Валерыя Брусава (Ізі Харык паступіў туды ў 1921 годзе), а пазней мы не раз сустракаліся ў розных гарадах Беларусі.
Ёсць людзі, збліжэнне з якімі акрыляе: здаецца, яны бяруць вас за руку і гатовы ісці з вамі разам да шчасця, да радасці, дзелячыся тым лепшым, што ў іх ёсць, - і няма ў гэтым ні разліку, ні хітрасці, а толькі выключная шчырасць душы. Такім чалавекам быў Ізі Харык.
Творчасць яўрэйскага паэта Ізі Харыка - яркая з'ява ў паэзіі 20-х- пачатку 30-х гадоў. Сын шаўца з Барысаўшчыны (нарадзіўся ён ў мястэчку Зембін 17 сакавіка 1898 года), Ізі Харык успрыняў Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю, як свой асабісты лёс. Яна шырока адкрыла перад ім дарогу ў будучыню, і адразу ж, з першых сваіх твораў, Харык выступіў як змагар за новае жыццё. Ён быў тыповым прадстаўніком перадавой моладзі свайго часу, якая актыіна змагалася за перабудову грамадства на сацыялістычны лад.
Я не хачу, каб цемра нежывая
Была над намі!
Я святла хачу!
(Пераклад К. Кірэенкі).
У гэтых словах - лейтматыў паэзіі Ізі Харыка. Ён усёй душой верыў рэвалюцыі, якая прынесла святло і вызваленне народам, верыў горача, нават запальчыва, да канца. Ён быў натурай цэльнай, жыццярадаснай, шчырай у сваіх адносінах да людзей. Яго ідэйная перакананасць і асабістая абаяльнасць рабілі моцны ўплыў на ўсіх, хто з ім сустракаўся, а сіла яго паэзіі ўзрушала.
Ізі Харык многа вандраваў, ён не любіў заседжвацца на адным месцы, не выносіў адзіноты:
Вечары на эстрадах, шматлюдныя сходы,
Я чытаю, чытаю, да зморы, знямогі,
Свята песні сваёй аддаю я народу,
Свята працы, шуканняў, надзей, перамогі.
(Пераклад А. Звонака).
Мне давялося прымаць удзел у адным з такіх вечароў. Гэта было ў Горках у 1928 годзе. Ізі Харыка запрасілі выступіць у яўрэйскай школе. Там яго сустрэлі як дарагога госця. Ніколі не забуду той атмасферы давер'я, любві і пашаны, якая адразу ж устанавілася паміж паэтам і яго слухачамі. Ізі Харык чытаў многа, з вялікім уздымам. Яго гучны, выразны голас з пявучай інтанацыяй, яго запал, аптымізм, публіцыстычная вастрыня вершаў літаральна зачаравалі слухачоў. Ізі Харык быў як у роднай сям'і, і я зразумеў, якое гэта шчасце для паэта служыць народу і адчуваць, што праца твая і натхненне тваё маюць вечна жывую крыніцу.
Летам 1930 года ў Слуцку мы з ім аглядалі горад. У старадаўняй (раней уніяцкай) Раждзесцвенскай царкве ён звярнуў увагу на цэхавыя сцягі. Царква была драўляная, круглая, тыпу "сонца", з унутранай галерэяй на слупах. Да кожнага слупа быў прымацаваны скручаны на дрэўках вялізны сцяг. Некаторыя з іх мы разгарнулі. На сцягах былі намаляваны розныя прылады працы: малаткі, ножны, абцугі і тут жа - напісаныя буйнымі літарамі назвы майстэрань, цэхаў. "Вы толькі паглядзіце, з якім стараннем гэта зроблена. Не на год, не на два - на вякі. Нашы продкі добра працавалі іхацелі пакінуць пасля сябе трывалы след".
Ізі Харык любіў Беларусь, любіў свой народ, змагаўся за дружбу і роўнасць паміж працоўнымі.
Фізічна моцны, з энергічнымі рысамі твару і пышнай чорнай чупрынай, ён быў увасабленнем жыццярадаснасці. Я не помню яго раўнадушным. Імклівы, дапытлівы, уражлівы, ён лёгка захапляўся і не скора астываў, бурна радаваіся свежым парасткам новага і гэтак жа бурна рэагаваў на крыўду і несправядлівасць.
Пры жыцці Ізі Харыка выйшла некалькі кніг яго вершаў і паэм. Творы яго тады ж перакладаліся на мовы народаў СССР. Грамадскае прызнанне прыйшло да яго рана. Ён быў абраны членам ЦВК БССР і членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР, быў членам прэзідыума Саюза пісьменнікаў СССР і БССР, галоўным рэдактарам яўрэйскага часопіса "Штэрн". У 1958 годзе ў перакладзе на беларускую мову выдадзены зборнік яго выбраных твораў.
Дасканалы знаўца быту беларускага мястэчка і горада, яўрэйскага фальклору, чалавек шырокай адукацыі, добра знаёмы з дасягненнямі сусветнай літаратуры, Ізі Харык увайшоў у яўрэйскую літаратуру як таленавіты і вопытны мастак.
Неяк у адзін з яго прыездаў у 30-х гадах у Магілёў я прачытаў яму ў арыгінале верш Эдгара По "Званкі". Музычная выразнасць верша ўзрушыла яго надзвычайна. "Цудоўна, цудоўна! Тут і сярэьраныя званкі, і медныя, і жалезныя. І ў кожнага свой голас. Як добра падабраны гукі і рытм!" - гаварыў ён, шпарка ходзячы па пакоі і размахваючы рукамі.
Ізі Харык быў вельмі чулы да паэтычнай формы. У яго паэзіі, на маю думку, можна вызначыць тры асноўныя якасці: лірычнасць, пафас і драматызм. Ён любіў музыку і лічыў музычнае ўздзеянне слова той сілай, якая арганізуе настрой і збліжае чытача з паэтам, але пры абавязковай умове, што ўсё сказанае паэтам будзе арганічным і натуральным. Пафас Харыка - не штучная, надуманая рыторыка дэкламатара, а іменна натуральны голас чалавека, глыбока перакананага ў праўдзе і неабходнасці сваіх слоў. Драматызм жа, які асабліва моцна праяўляецца ў паэмаў Харыка ("Мінскія балоты", "Адданасць", "Круглыя тыдні", "на чужым вяселлі") грунтаваўся на грамадскіх, сацыяльных канфліктах жыцця, сведкам і ўдзельнікам якіх быў паэт.
У паэме "Круглыя тыдні" - пра індустрыяльную Беларусь - чытаем такія радкі:
Дрымучы край!
Не! Край, што быў дрымучым!
Раскажаш ты
Ў паданнях
На вякі,
Як аздаблялі
Працаю кіпучай
Цябе
Адважныя бальшавікі!
(Пераклад К. Кірэенкі).
Ёсць у Ізі Харыка адзін ранні верш (1925 г.). Ён гучыць як запавет. Прывожу гэты верш цалкам уцудоўным перакладзе Аркадзя Куляшова:
Адсюль крычу я сэрцам і душою Творчасць Ізі Харыка глыбока звязана са сваім часам, але і цяпер яна - не гісторыя, яна не засталася ў мінулым. ("Літаратура і мастацтва", 15 сакавіка 1968 г.). Даслаў Вольф Рубінчык
Наступнага далёкім жыхарам:
Хай сённяшняе нашае, зямное
Жыццё-быццё на здасца цудам вам.
Далёка там, у прышласці шчаслівай,
Шукаць для нас не ўздумайце акрас,
Не аздабляйце лірыкай чуллівай,
Легендамі не карануйце нас!
Не карануйце нашыя галовы
Карункамі, сатканымі з святла…
Мы тут былі, мы тут жылі сурова,
І праўда нас суровая вяла.
Мы першыя цагліны закладалі,
І кожны ў мур цаглінай лёг жывой…
Мы ўсе да болю ў сэрцы смуткавалі
Аб пары крыл мяцежных за спіной.
Праз пыл руін мы крочылі калонай,
З'яднаныя ў адзіную сям'ю…
І суджана яшчэ адно было нам -
Пакінуць з песняй гэтую зямлю.
Таму і шлю без смутку, без тугі я
Ад нас, ад акрываўленых наказ…
Адсюль крычу я ў заўтра:
- Дарагiя
Крылатыя, не карануйце нас!